Маша Святогор

Серыя “Курасовщина, любовь моя”       20 асобнікаў        лiчбавы друк 2017

 

Вера Залуцкая, кураторка

Працы Машы Святагор расказваюць пра ейныя няпростыя стасункі з беларускім
урбаністычным і культурніцкім асяроддзем. Асноўны матыў акрэсліваюць даволі
асабістыя кадры: дзіцячыя здымкі, выявы бацькоў і сяброў мастачкі, фонам для якіх
служаць, на першы погляд, безасабовая масавая забудова і вадаёмы Мінску, рака Свіслач і курасоўшчынаўскае вадасховішча Смярдзючка. Тапаграфія месца грае тут галоўную ролю, бо вызначае ідэнтычнасць аўтаркі. Тыповае робіцца выключным у той момант, калі, рэфлексуючы, суб’ект надае яму такое значэнне. Iмпульсам для гэтага ў выпадку з экспанаванымі на выставе фатаграфіямі сталі дзіцячыя ўспаміны фатографкi.
Дзяцінства, юнацтва і старасць яна ўяўляе як перабыванне ў стане салодкага
паўсну, летуценняў і меланхоліі, што мяжуюць са здранцвеннем. Гераіні калажаў на
выявах часта сплываюць ці злятаюць удалечыню. Сыход з дому, паводле Пропа, –
пачатковая функцыя кожнай чароўнай казкі. У працы «Святагор у вольным плаванні»
можна ўбачыць нават больш казачных элементаў: першаклашка, парушаючы забарону, пакідае берагі Курасоўшчыны, стоячы на традыцыйным індзейскім чоўне. Такі пачатак сведчыць, што далей будуць прыгоды, выпрабаванні і цуды. Для Машы Святагор гэта таксама момант ініцыяцыі, далучэння да «дарослага жыцця», што значыць здольнасць да крытычнай ацэнкі навакольнага асяроддзя.
Элемент чоўна ўзяты з фатаграфіі Эдўарда Кэртыса, які дакументаваў у пачатку ХХ
стагоддзя штодзённае жыццё карэнных жыхароў Паўночнай Амерыкі. Імаверна, менавіта цікавасць да дакументалістыкі, уласцівая шмат каму з фатографаў ХХ стагоддзя, ад Стывэна Шора да Зоф’і Рыдэт, схіляе Машу Святагор да руплівага збірання вобразаў сучаснай беларускай рэчаіснасці. Аднак форма гэтых вобразаў часцяком настолькі шматгранная і супярэчлівая, што найлепшым спосабам яе дакументацыі аказваецца інтэрпрэтацыя – мадыфікацыя элементаў здымкаў і падача іх у форме яркага калажу.
Такім чынам аўтарцы ўдаецца пазбавіць свае працы ўласцівага многім фатаграфічным
праектам з Усходняй Еўропы элементу экзатызацыі безнадзейнасці і тугі. На першы план выходзяць канкрэтныя праблемы мінскага ўрбаністычнага асяроддзя, такія, як забудова гораду дамамі, што не ўпісваюцца ў яго архітэктурны ландшафт, не выконваюць у далейшым запланаванай функцыі (або наагул застаюцца недабудаваныя), знос гістарычных будынкаў ці цэлых кварталаў.
Немагчымасць наўпрост паўплываць на сітуацыю прыводзіць гераінь калажаў да
стану адлучанасці і адчужанасці, аднак яны спрабуюць скампенсаваць бяссілле,
увасабляючыся ў міфічныя вобразы русалак або чароўных птушак. Такім чынам,
паўтараючы цыкл касцюмаваных пабегаў і вяртанняў, яны апраўдваюць неабходнасць
заставацца ў дадзеным месцы. Тапельніца ў працы «Залегчы на дно Смярдзючкі»
невыпадкова нагадвае Афэлію з карціны Джона Міле. Іншыя працы Машы Святагор
таксама адсылаюць да розных пунктаў традыцыі заходняга мастацтва, такіх як дадаізм, поп-арт, канцэптуалізм, рэды-мэйд, артэ повэра. Апошнія два кірункі асабліва важныя ў інтэрпрэтацыі папулярных для беларускіх двароў скульптураў са старых апонаў і аднаразовых пластыкавых прадметаў. Аўтары такога кшталту сучаснага наіўнага мастацтва, самі не ведаючы, звяртаюцца да метадаў, распрацаваных авангарднымі творцамі. Пры гэтым калажы Машы Святагор, складзеныя з фрагментаў ейных уласных фатаграфіяў, падкрэсліваюць эмансіпоўную функцыю мастацтва, сціраючы межы эстэтычных катэгорыяў.